ЦУКРО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па вырабе цукру. Сыравіна — цукр. буракі і цукровы трыснёг. Найб. развіта Ц.п. на Кубе, у Бразіліі, Францыі, Кітаі, Расіі, на Украіне, у Індыі, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.
На Беларусі першы цукр. з-д пабудаваны ў 1830 у маёнтку Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1860-я г. дзейнічалі 33 цукр. з-ды (найб. Парэцкі, Беліцкі і Іванскі). Не вытрымаўшы канкурэнцыі з цукр. з-дамі Украіны (цукар танней было прывозіць, чым вырабляць), да 1917 яны ўсе спынілі дзейнасць. Галіна пачала адраджацца пасля Вял. Айч. вайны. У 1947 пачаў будавацца Скідзельскі цукровы камбінат, які ў 1951 даў першую прадукцыю. З 1959 працуе Гарадзейскі цукровы камбінат, з 1963 — Жабінкаўскі цукровы завод, Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат. Яны вырабляюць цукар-пясок, цукар-рафінад, лімонную кіслату. У зімовы перыяд (з кастр. па люты) перапрацоўваюць мясц. сыравіну (цукр. буракі), у астатні час — прывазны цукар-сырэц. Адходы вытв-сці цукру (макуха, патака, фільтрацыйныя асадкі) выкарыстоўваюць як кармавыя дабаўкі і ўгнаенне. У 2002 у галіне 4 прадпрыемствы, вытв-сць цукру-пяску склала 654,4 тыс. т, у т. л. з цукр. буракоў 180,3 тыс. т. Экспарт цукру-пяску з Беларусі (2000) склаў 256,3 тыс. т (у Расію і Украіну). Імпарт у Беларусь — 443 тыс. т, у т. л. з Бразіліі — 134,1 тыс. т, Кубы — 212,4, Аргенціны — 29,6 тыс. т.
П.І.Рогач.
т. 17, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)